Паказ спектакля
|
Нясумны юбілей
|
Прэс-канферэнцыя
|
28 ліпеня а 14-й гадзіне ў глядзельнай зале Купалаўскага тэатра пройдзе прэс-канферэнцыя.
У праграме:
- падвядзенне вынікаў сезону 2009/2010; - будучая рэканструкцыя будынка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (3D-экскурсія па рэканструяваным тэатры, прэзентацыя новага фірменага стылю); - планы і перспектывы дзейнасці тэатра падчас рэканструкцыі (пастановачны графік, удзел тэатра ў гастролях і фестывалях, пастаноўка спектакля “Пінская шляхта” ў Варшаве); - канцэпцыя і ідэі правядзення ў кастрычніку 2011 года Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва “ПАНАРАМА”; - праграма святкавання 90-годдзя Купалаўскага тэатра і 120-годдзя будынка тэатра.
У прэс-канферэнцыі возьмуць удзел:
мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Мікалаевіч Пінігін генеральны дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Іванавіч Палякоў народны артыст СССР і Беларусі Генадзь Аўсяннікаў артыстка Святлана Зелянкоўская артыст Раман Падаляка прадстаўнік Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь архітэктар Людміла Іванова мастак – распрацоўшчык фірменага стылю тэатра Канстанцін Вашчанка Запрашаем усіх зацікаўленых! Даведкі па тэлефонах (017)227-23-33 і (029)641-66-12.
|
Чакаецца прэм’ера
|
21 чэрвеня (панядзелак) адбудзецца прэм’ера спектакля “Тэатраманія” паводле п’есы Пітэра Шэфера “Lattice and Lovage” Здараецца, што свет, у якім усе мы жывем, неўпрыкмет становіцца шэрым, невыразным, нецікавым. Нас захлынаюць спрадвечныя клопаты, адольваюць шараговыя справы. Дзень цягнецца тады за два, і ўсё, здаецца, мінае ў калаўроце турботаў: штораз мы ходзім на адну і тую ж працу, з’ядаем тыя ж самыя вячэры, глядзім аднолькавыя тэлеперадачы … І вось раптам, абсалютна нечакана, у жыцці з’яўляецца нехта, хто цягне цябе ў свет іншы, свет нечуваны і неверагодны, свет сваіх фантазій – можа быць, фантазій шалёных, але прывабных, загадкавых, чароўных. Свет летуценняў – і свет рэчаіснасці, мара – і будзённасць… Як спалучыць гэтыя супрацьлеглыя з’явы, як аб’яднаць іх у адной душы? І што атрымаецца, калі глеба пад нагамі аднойчы стане тэатральнай сцэнай? У новым спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы занятыя: заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Зоя Белахвосцік, Георгі Маляўскі, Уладзімір Рагаўцоў, а таксама артысты Алена Сідарава і Вольга Няфёдава.
Пастаноўка Кацярыны Агароднікавай Сцэнаграфія і касцюмы Вольгі Мацкевіч |
12 і 13 чэрвеня 2010 года ў рамках абменных гастроляў на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы адбудзецца паказ спектакляў Літоўскага нацыянальнага драматычнага тэатра.
|
12 чэрвеня – мюзікл “Чалавек з Ламанчы” Дэйла Васэрмана, Джо Дарыёна і Мітча Лі, напісаны па матывах рамана Мігеля Сервантэса “Дон Кіхот”. У пастанове перад гледачамі паўстае вобраз самога пісьменніка, які, чакаючы ў турме прысуду інквізіцыі, распавядае сябрам пра прыгоды свайго героя. Гэтая на першы погляд простая фабула ператвараецца ў спектаклі ў магічны свет тэатра, а жыцці абодвух персанажаў – Сервантэса і Дон Кіхота – паступова саступаюць месца трыюмфу спрадвечнага кахання, якое робіць Дон Кіхота бессмяротным. Рэжысёр спектакля – Адольфас Вячэрскіс, сцэнограф – Андрус Жыбікас, мастак па касцюмах – Зіта Густэнэ. Працягласць спектакля – 2 гадзіны 30 хвілін. 13 чэрвеня – трагікамедыя “Чорная ўдава” паводле п’есы Р. В. Фасбіндэра “Брэменская свабода”. У аснове сюжэта –праўдзівая гісторыя жыцця брэменскай атручальніцы Гейшы Готфрыд. Цікавіла аўтара п’есы, аднак, не толькі сама гісторыя злачынстваў. У спробах супраціўляцца духоўным путам і забаронам ён здолеў разглядзець прычыну хвалі тэрору, якая накрыла Нямеччыну напрыканцы 50-х гадоў. Рэжысёр спектакля – Яна Рос, сцэнограф – Марыюс Яцоўскіс, мастак па касцюмах – Марта Васілютэ Працягласць спектакля – 1 гадзіна 40 хвілін Cпектаклі будуць ісці з сінхронным перакладам на рускую мову. |
Шаноўнае спадарства!
|
Сёння, 28 красавіка, а 19-й гадзіне адбудзецца грамадскі прагляд спектакля “Не мой”. Запрашаем усіх зацікаўленых!
|
Прэм’ера
|
 29 і 30 красавіка на Вялікай сцэне тэатра адбудзецца прэм‘ера спектакля “Не мой”,прысвечанага 65-годдзю Вялікай Перамогі. “Гэты спектакль для мяне не пра вайну, а пра каханне. Вайна – гэта толькі фон, жорсткія, жахлівыя абставіны, з якімі каханне мусіць змагацца. Гэта гісторыя – як “Рамэа і Джульета”, толькі ў значна большых масштабах, бо закаханыя належаць не да розных сем’яў, кланаў, як у Шэкспіра, а да варожых народаў, народаў, якія на гэты момант знішчаюць адзін аднаго. Так, гэта спектакль пра каханне. Спектакль пра тое, як людзі ідуць насустрач адно аднаму, ідуць да ўзаемнасці, да спагады, да літасці. Пра тое, як узнікаюць першыя парасткі паразумення паміж народамі, тыя парасткі, якія пазней ператворацца ў магутныя дрэвы супольнага будавання свету, свету не без праблемаў, але без нянавісці і вайны. Мне вельмі хочацца верыць, што гэтыя парасткі не знікнуць, і што свет забудзецца пра вайну – найвялікшую бязглуздзіцу ў свеце, пераможаную верай, любоўю і каханнем.”
Аляксандр Гарцуеў
|
Віншуем
|
27 сакавіка, у Міжнародны дзень тэатра артысты Купалаўскага тэатра былі ўзнагароджаны: 1. нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”– Яўгенія Кульбачная і Андрэй Кавальчук; 2. узнагародай Саюза тэатральных дзеячаў “Крыштальная Паўлінка” за адданасць беларускаму нацыянальнаму тэатру і шматгадовую творчую працу – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Рэспублікі Беларусь Генадзь Гарбук; 3. узнагародай Саюза тэатральных дзеячаў Крыштальная кветка” за яскравы таленавіты дэбют у ролі Франкі ў спектаклі “Хам” паводле Э. Ажэшкі –Валянціна Гарцуева. Шчыра віншуем і зычым далейшых поспехаў! |
Віншуем з юбілеем!
|
15 лютага 2010 года адзначыла юбілей артыстка тэатра Алена Іваннікава. Алена Міхайлаўна ўжо 30 год працуе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Куплаы. За гэты час яна сыграла мноства выдатных роляў, сярод якіх: Верачка ("Верачка" А.Макаёнка), Ніна Зарэчная ("Чайка" А.Чэхава), Нансі Марш ("Гаральд і Мод" Ж.-К.Кар'ера, К.Хігінса), Эльза ("Дракон" Я.Шварца), Ліза ("З нагоды мокрага снегу" Ф.Дастаеўскага), Жанчына ("Дон Жуан вяртаецца з вайны" О.Хорвата), Юлька ("Ажаніцца - не журыцца" бр.Далецкіх, М.Чарота), Верка ("Страсці па Аўдзею" У.Бутрамеева), Ядзвіга ("Князь Вітаўт" А.Дударава), Ліза ("Дзеці сонца" М.Горкага), Алёнушка ("Пунсовая кветачка" В.Карнавухавай, Л.Браўсевіч), Жулі ("Нежанаты мнагажэнец, альбо Залёты пана дэ Пурсаньяка" Ж.-Б.Мальера), Аксана ("Таполевая завея" М.Задорнава), Даратэя ("Разбітае сэрца" Т.Уільямса), Годл ("Памінальная малітва" Р.Горына), міс Пэдзі ("Дзіўная місіс Сэвідж" Дж.Патрыка), Варона (“Снежная каралева” Я.Шварца), Ірына Пятроўна (“Маэстра” М.Ладо). Знялася ў фільмах “Людзі на балоце”, “Убить лицедея” і іншых. Калектыў тэатра шчыра віншуе Алену Міхайлаўну і зычыць яшчэ доўгіх гадоў на сцэне! |
Архіў навін:
|| 1 || 2 || 3 || 4 || 5 || 6 || 7 || 8 || 9 || 10 || 11 || 12 || 13 ||
|
|
|
|