Купалы Тэатр

Сны аб Беларусі

драма ў 2-х дзеях паводле п’есы “Калыска чатырох чараўніц” У спектаклі выкарыстаны вершы, урыўкі з паэм Янкі Купалы“Яна і Я”, “На куццю”, “Сон на кургане”, “Адвечная песня”, “На папасе”, драмы “Раскіданае гняздо”
Спектакль па творах Янкі Купалы і Уладзіміра Караткевіча прысвячаецца юбілею славутага беларускага песняра Янкі Купалы. Аўтар інсцэніроўкі і рэжысёр-пастаноўшчык — вядомы беларускі рэжысёр Уладзімір Савіцкі, знаёмы па пастаноўках на сцэне Купалаўскага тэатра “Балада пра каханне” паводле В.Быкава, “Беларусь у фантастычных апавяданнях” Я.Баршчэўскага, “Дзікае паляванне караля Стаха” У.Караткевіча і іншых.

У аснове сюжэтнай лініі спектакля прапанова прасачыць працэс творчага станаўлення паэта, нараджэння сапраўднага генія. Перад гледачом паўстаюць усе найбольш значныя падзеі і персанажы жыцця Янкі Купалы з дзяцінства і да сталасці, якіх ён бачыць у сне ў сваю апошнюю ноч. У форме сноў галоўнага героя падаюцца разважанні аб адносінах творцы з народам, часам і ўладай.

У спектаклі занята большая частка трупы тэатра імя Янкі Купалы. Прэм’ера спектакля на Вялікай сцэне тэатра плануецца на прыканцы чэрвеня. Гледачы, прыхільнікі Купалаўскай сцэны, якія прыйдуць на прэм’еру, сустрэнуцца з выдатнымі майстрамі беларускага тэатра: народным артыстам СССР і БССР Г.Аўсяннікавым, народнымі артыстамі Беларусі Г.Гарбукам і А.Памазанам, заслужанымі артыстамі Рэспублікі Беларусь З.Белахвосцік, А.Падабедам, таленавітай творчай моладзю, добра вядомай па кіно і тэлебачанню: Г.Хітрык, Ю.Шпілеўскай, С.Чубам, Р.Падалякай, А.Паўлавым і іншымі.

Ролю Янкі Купалы ў маладосці выконвае Міхаіл Зуй, у сталасці – Аляксандр Падабед.

— Рэжысёр: УЛАДЗІМІР САВІЦКІ
— Прэм’ера: 27.06.2007
— Працяг: 2.20